УВО́ДУ-ВЫ́ВАДУ ПРЫСТАСАВА́ННЕ ў ЭВМ,
блок ЭВМ ці выліч. сістэмы для ўзаемаабмену інфармацыяй паміж цэнтр. працэсарам і перыферыйнымі прыладамі (гл. Уводу-вываду прылады). Асн. функцыі — прамы і адваротны перавод сігналаў працэсара ў гукі, сімвалы, дзеянні і інш., што ажыццяўляецца з дапамогай аперацый і праграмна-тэхн. сродкаў счытвання і перадачы даных са знешняга іх носьбіта ў асноўную памяць ЭВМ, а таксама адваротнага пераўтварэння інфармацыі пры вывадзе даных.
Працэс кіравання абменам інфармацыі са знешнімі прыладамі звычайна выконвае спецыялізаваны працэсар (кантролер уводу-вываду, ці перыферыйны кантролер), што вызваляе цэнтр. працэсар ад гэтых функцый. У залежнасці ад характару аб’екта кіравання (ці прызначэння) адрозніваюць інтэлектуальны кантролер (дадатковыя функцыі рэдагавання даных, іх кантроль, апрацоўка складаных каманд і інш.), відэакантролер (вывад відарыса з відэапамяці на экран манітора, фарміраванне сігналаў разгорткі і інш.), групавы кантролер (работа з групай аднатыпных механізмаў ці прылад) і інш. Часта кантролеры ўбудоўваюць у перыферыйныя прылады, напр., у клавіятуру, прынтэр.
М.П.Савік.
т. 16, с. 158
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)